Расійская хваля «Пунсовага ветразя»
Чацвёртая змена ў лагеры «Пунсовы ветразь» стала адметнай. «У лагеры адпачываюць 60 дзяцей, – расказвае начальнік лагера Святлана Раманава. – Упершыню ў лагеры цэлы атрад з Расійскай Федэрацыі: у першым атрадзе адпачывае 21 дзяўчына з Пскова, якія займаюцца ў спартыўнай школе «Брыганціна». Выхавацелем у атрадзе працуе трэнер-выкладчык пскоўскай спортшколы Анжэла Цвяткова. У дзяўчат крыху іншы рэжым, чым у астатніх адпачываючых. Яны больш часу надаюць спартыўным трэніроўкам, хаця і імкнуцца ўдзельнічаць ва ўсіх агульналагерных мерапрыемствах».
– Варыянт адпачынку і аздараўлення нашых дзяўчат у «Пунсовым ветразі» з’явіўся ў маі, калі мы праводзілі спартыўныя зборы ў Шумілінскай СДЮШАР, – расказвае Анжэла Цвяткова. – Дырэктар спартыўнай школы Алег Асташонак расказаў пра лагер «Пунсовы ветразь» і сказаў, што добра было б, калі ўлетку вы тут адпачывалі і сумесна трэніраваліся і рыхтаваліся да новага спартыўнага сезона. Пра такі варыянт паведаміла дзецям і бацькам, якія аднагалосна яго падтрымалі. Алег Вячаслававіч дапамагаў у рашэнні пэўных пытанняў.
У лагеры адпачывае 21 дзяўчына, самай малодшай – 10 год, самай старэйшай – 15. Усе яны займаюцца валейболам. 14 дзяўчынак добра знаёмы з Шумілінам – пскоўская каманда пастаянна ўдзельнічае ў турнірах, што праводзіць наша СДЮШАР. «У Беларусі ўжо чацвёрты раз, – адзначае Васіліса Пятрова. – Падабаецца мне Беларусь. Тут вельмі гасцінныя людзі. Сюды прыязджаеш як да сваіх найлепшых сяброў. Ад каманды хачу сказаць дзякуй дырэктару спартыўнай школы Алегу Асташонку і яго калектыву за гасціннасць, асаблівую цеплыню».
А вось для семярых пскоўскіх дзяўчат візіт у Беларусь – першы. Яны сказалі, што адразу ўлюбіліся ў нашу краіну. «У вас – класна, – з усмешкай кажа Кацярына Іванова. – Чыста. Прыгожа. Утульна. А яшчэ вельмі смачныя малочныя кактэйлі. Як заходзім у краму, то я абавязкова два-тры штукі набываю».
У расійскіх спартсменак насычаная праграма. Практычна штодзённа трэніроўкі і матчавыя сустрэчы з шумілінскімі валейбалісткамі ў СДЮШАР, паспяваюць дзяўчаты годна выступіць у агульналагерных мерапрыемствах – сталі аднымі з лепшых у мерапрыемстве «Сцэна. Святло. Матор», інфармацыйны турыстычны цэнтр Шумілінскага раёна арганізаваў для іх падарожжа да Вялікага каменю і ў дэндрапарк лясгаса (дарэчы, ад прапановы з’ездзіць на экскурсію ў Віцебск ці Полацк дзяўчаты адмовіліся, «горада ў нас і дома хапае»).
І яшчэ. Пскоўскім дзяўчатам вельмі спадабалася, як кормяць у «Пунсовым ветразі»: «Смачна! Кожны дзень нешта новае», «Столькі багата страў з бульбы», «Дранікі з мясам – проста пальчыкі абліжаш», «Якая смаката бульба са смятанай»…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


























