 |
Юным хакеістам падарылі новую форму
Удзельнікам гуртка «Юныя хакеісты» раённага цэнтра дзяцей і моладзі Шумілінская ПМК‑70 прэзентавала новую хакейную форму.
У пачатку бягучага тыдня яе ўручыў дырэктар прадпрыемства Аляксей Крыўко. У новай экіпіроўцы юныя хакеісты 2011-2013 гадоў нараджэння адправіліся на рэспубліканскія спаборніцтвы ў Мінск. Аляксей Юр’евіч пажадаў хлопцам перамогі.
Стала вядома, што на рэспубліканскіх спаборніцтвах у сталіцы Беларусі каманда юных хакеістаў з Шуміліна заняла трэцяе месца. Віншуем!
Ларыса ЗАЙЦАВА
У СШ № 1 г. п. Шуміліна прайшоў раённы злёт юных інспектараў дарожнага руху. У ім прынялі ўдзел каманды з усіх сярэдніх школ раёна.
Дзеці спаборнічалі ў наступных этапах: фігурнае ваджэнне веласіпеда, тэарэтычны конкурс на веданне правілаў дарожнага руху, аказанне першай медыцынскай дапамогі пацярпелым, навучальна-пазнавальная праграма, плакат сацыяльнай рэкламы па бяспецы дарожнага руху.
Па выніках усіх конкурсаў перамагла каманда «Паварот» з СШ №1, якая прыме ўдзел у рэгіянальным злёце атрадаў юных інспектараў дарожнага руху 8 красавіка ў Лепелі. Другое месца – у «Дарожнага патруля» з Кардонскай СШ, трэцяе – у каманды «БезНебяспекі» з Обальскай СШ.
Вавінам в’ет во дао
Выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Вавінам в’ет во дао» РЦДіМ удельнічалі ў кубке Мінска па вавінам в’ет во дао і занялі выніковае трэцяе каманднае месца.
На рахунку шумілінскіх спартсменаў тры першыя месцы – Арцём Смірноў, Ілья Сторажаў і Ульяна Багдановіч, другія месцы – Кірыл Сойка, Глеб Лашкоў, Ганна Асяпёнак, Максім Маскалькоў, Іван Даніловіч, Ксенія Лясняк і Марыя Яскевіч, трэцімі сталі Расціслаў Асіпкоў, Кірыл Круглікаў, Марат Куляшоў, Яна Багдановіч і Цімур Цімошчанка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Дзеда Мароза і Снягурку Дзед Мароз у гэтыя навагоднія дні стараецца парадаваць кожнае дзіця, выканаць іх мары, ажыццявіць маленькія цуды. Не застаўся па-за ўвагай галоўнага чараўніка і дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Шуміліне. Ну хіба мог прайсці без яго ўдзелу тут навагодні ранішнік «Зарадзіліся святлом»!
Разам з галоўнымі героямі свята завітала ў вялікую сям’ю, дзе зараз выхоўваецца сямёра дзетак ад 6 да 13 год, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і пажадала ўсім здароўя, усмешак і святочнага настрою. А пасля хлопчыкі і дзяўчынкі разам з дарослымі вадзілі карагоды, спявалі, танцавалі, расказвалі Дзеду Марозу і Снягурцы вершы, весяліліся падчас конкурсна-гульнявай праграмы, якую падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Падарункі дзецям ўручылі работнікі райвыканкама, аддзела па адукацыі райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». У дзіцячым доме сямейнага тыпу з’явіліся новы тэлевізар, спартыўна-гульнявы комплекс, настольныя гульні. Кожнае дзіця атрымала ад работнікаў Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый падарункі – не толькі прысмакі, але і цацкі, настольныя гульні, канцылярскія вырабы, якія прасілі ў Дзеда Мароза.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Усмешкі дзяцей – найвялікшая ўдзячнасць
Больш за 150 дзяцей сталі ўдзельнікамі раённай дабрачыннай ёлкі, якая прайшла 27 снежня ў раённым цэнтры культуры.
Маленькіх жыхароў раёна павіншавала з надыходзячымі навагоднімі святамі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Пасля прагляду спектакля-казкі «Па шчупачынаму загаду» дзяцей чакала займальная праграма, якую падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, – з дзіўнымі казачнымі персанажамі, танцамі, цікавымі забавамі і, вядома ж, салодкімі падарункамі. Дзеці радасна і захоплена падтрымлівалі вядучых і Дзеда Мароза са Снягуркай. Нам, дарослым, важна зрабіць усё, каб дзеці і надалей шчыра ўсміхаліся, марылі і былі шчаслівымі…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Адзінства творыць цуды
16 снежня ў Беларусі стартавала дабрачынная навагодняя акцыя «Нашы дзеці», якая традыцыйна дорыць радасць і надзею кожнаму дзіцяці, але ў першую чаргу тым, каму асабліва патрэбны падтрымка і ўвага.
У Шуміліне мерапрыемства з-за капрызаў надвор’я прайшло ў сценах спартыўнай залы фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У адкрыцці акцыі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, актывісты раённых грамадскіх аб’яднанняў і Беларускай партыі «Белая Русь».
Кіраўнік раёна, вітаючы ўдзельнікаў свята, адзначыў, што акцыя праводзіцца амаль трыццаць год, і яе ініцыятарам у далёкім 1995 годзе выступіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Акцыя прадугледжвае шэраг розных навагодніх мерапрыемстваў, і для дарослых галоўная задача – стварыць свята для кожнага дзіцяці.
Падчас адкрыцця акцыі былі падведзены вынікі ініцыяваных у пачатку снежня аддзелам па адукацыі райвыканкама навагодняй эстафеты «Ёлка маёй Радзімы» і акцыі «Адзінства творыць цуды!». Кожная ўстанова адукацыі рабіла навагоднюю цацку, прысвечаную роднаму краю. Усе яны знайшлі месца на імправізаванай навагодняй прыгажуні – і такім чынам атрымалася «Ёлка маёй Радзімы», якую перадалі ў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У акцыі «Адзінства творыць цуды» прымалі ўдзел дзіцячыя сады і школы, установы і прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі і партыя «Белая Русь», рыхтуючы скрыні з падарункамі ад шчырага сэрца.
«Сапраўды, адзінства дзеля агульнай справы робіць цуды, – падсумавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. – Хочацца сказаць вялікі дзякуй ОКЗ, ПМК-70, СУП «Лаўжанскае», ДРБУ-204, РАНС, Цэнтру па забяспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, ЦРБ, ДШМ, раённаму ўчастку электрасувязі, раённым грамадскім арганізацыям «Саюз ваенных маракоў», «Белая Русь», Фонду Міру і Чырвонага Крыжа, Беларускай партыі «Белая Русь»». Упэўнена, што ў акцыі «Нашы дзеці», якая прадоўжыцца да 15 студзеня 2025 года, колькасць удзельнікаў павялічыцца ў разы».
Галоўнымі героямі на адкрыцці акцыі сталі дзеці, якія прыехалі з розных куткоў раёна. Яны з радасцю ўдзельнічалі ў танцавальных флэшмобах. Дзяцей таксама чакала на-сычаная забаўляльна-пазнавальная праграма ў СШ № 1 і ў РЦДМ.
Падчас адкрыцця акцыі рознакаляровымі агеньчыкамі заззяла галоўная ёлка раёна, і ўсе ўдзельнікі прайшліся карагодам вакол яе. Навагоднія цуды пачынаюцца…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
У СШ № 2 г. п. Шуміліна прайшло раённае свята «Спартыўным сяброўствам мы моцныя» для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, прысвечанае Дню інвалідаў.
У мерапрыемстве бралі ўдзел навучэнцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і ўстаноў адукацыі раёна.
Поспехаў, добрага настрою кожнаму ўдзельніку мерапрыемства пажадаў на ўрачыстым адкрыцці начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук. Няхай у вас усе атрымліваецца як сёння на спартыўнай пляцоўцы, так і пастаянна ў жыцці.
На спартландыю сабраліся тры каманды. Дзеці з азартам і радасцю выконвалі заданні: закідвалі ў кошык баскетбольны мяч, поўзалі і скакалі. Арганізатары пастараліся прапанаваць удзельнікам цікавыя і арыгінальныя конкурсы – «Вясёлкавае сонейка», «Святлафор», «Тунэль» і інш. На кожнай станцыі дзецям дапамагалі педагогі ЦКРНіР і валанцёры з СШ № 2.
А ў перапынках паміж этапамі спартландыі дзеці ўдзельнічалі ў актыўным флэшмобе, які арганізаваў танцавальны калектыў «Вясёлка» раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Пасля спартыўназабаўляльных стартаў дзеці спасцігалі новыя навыкі і ўменні ў разнастайных майстаркласах, якія прапаноўвалі работнікі РЦДіМ і ТЦСАН.
Свята атрымалася, лепшае сведчанне таму – дзіцячыя ўсмешкі. У гэты дзень прайграўшых не было, бо перамаглі ўсе. Кожны ўдзельнік атрымаў імянны медаль і падарунак ад арганізатараў свята (аддзела па адукацыі райвыканкама) і раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» і «Беларускі фонд міру».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
У гэтым навучальным годзе дзеці і падлеткі займаюцца творчасцю, асвойваюць дадатковую адукацыю ў адрамантаваных сучасных кабінетах раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
«У нас з’явіўся і камп’ютарны кабінет, – адзначыла дырэктар цэнтра Наталля Пятроўская. – Гэта дало нам магчымасць адкрыць тры новыя аб’яднанні па інтарэсах: для дзяцей 8-12 год – «АйЦіСвет», для 10-14-гадовых – «Аб’ектыўна» і «Свет камп’ютарнай графікі». Дзеці з задавальненнем пайшлі ў аб’яднанні, зараз думаем над павелічэннем колькасці груп».
Падчас нашага візіту ў РЦДМ працавала аб’яднанне па інтарэсах «Свет камп’ютарнай графікі»: дзеці малявалі на камп’ютарах навагоднія паштоўкі, педагог дадатковай адукацыі Анастасія Лялюга тлумачыла асаблівасці камп’ютарнай праграмы Corel DRAW. «Галоўнае, зацікавіць дзяцей, – ад-значыла Анастасія. – І тады такія праграмы, як Corel DRAW і Photoshop, стануць для іх зразумелымі і вельмі цікавымі. А гэта ўжо шлях для творчасці, прычым неабмежаванай. І, магчыма, першыя крокі да выбару будучай прафесіі».
СЛОВА – УДЗЕЛЬНІКАМ АБ’ЯДНАННЯ
Віталь ГАРЭЛЕНКАЎ, 4 клас: Мне падабацца маляваць пейзажы і жывёл. На камп’ютары з дапамогай вектарнага малюнка яны атрымліваюцца асаблівымі і незвычайнымі. Да Дня бацькі мы рабілі віншавальныя паштоўкі. Прыемна было яе падарыць, бо яна была зроблена маімі рукамі. Тата ацаніў.
Данііл ТКАЧОЎ, 6 клас: На гуртку нас вучаць рабіць паштоўкі, візіткі, лагатыпы і іншую паліграфічную прадукцыю. Гэта ўсё тое, на чым можна зарабіць добрыя грошы.
Ілья ІВАНОЎ, 6 клас: Я ў аб’яднанні не з першага дня. Трое маіх аднакласнікаў цікава расказвалі, як у цэнтры займаюцца на камп’ютарах. Таму і я вырашыў пайсці. Дужа падабаецца, тут цікава.
Максім ШАЎНЁЎ, 6 клас: Сёння камп’ютары ўсюды. Мне цікава маляваць на камп’ютары. Я працую ў пра-граме Corel DRAW, займаюся рэдагаваннем фотаздымкаў. Гэта вельмі патрэбныя веды.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Гурткі чакаюць дзяцей
З 3 па 10 верасня ў Беларусі праходзіць Рэспубліканскі тыдзень дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Якасная дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі сёння – паспяховая будучыня заўтра!».
«У Шумілінскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі будуць працаваць каля 80 аб’яднанняў па інтарэсах, якія ахопяць больш за 800 хлопчыкаў і дзяўчынак, – расказала намеснік дырэктара па вучэбнавыхаваўчай рабоце цэнтра Іна Сінкевіч. – Прычым, не толькі ў нашым цэнтры, але і ў школах раёна (СШ № 1, СШ № 2, Обальскай і Мікіціхінскай СШ, Мішневіцкай і Слабадской БШ), Обальскім і Мікіціхінскім дзіцячых садах, фізкультурнааздараўленчым цэнтры. –
Большасць аб’яднанняў мастацкага накірунку. 29 гурткоў дэкаратыўнапрыкладнога профілю – тут можна навучыцца маляваць, вязаць, выпілоўваць і выпальваць, працаваць з прыродным матэрыялам, рабіць падзелкі з бісеру.
25 аб’яднанняў прысвечана мастацкай творчасці (танцы, вакальныя спевы, гульні).
Трэці накірунак фізкультурнаспартыўнага профілю – будуць працаваць 14 аб’яднанняў. Тут можна навучыцца тэхніцы вавінам в’ет во дао і грэкарымскай барацьбы, авалодаць спартыўнай гімнастыкай, навучыцца гуляць у футбол, хакей, валейбол і іншыя спартыўныя гульні».
Будуць працаваць гурткі па экалагічным выхаванні, фарміраванні інфармацыйнай культуры, інтэлектуальных гульнях, фальклоры, музейнай справе.
У гэтым навучальным годзе створаны і восем новых гурткоў – «Аб’ектыўна» (вучаць рабіць кантэнт для сацсетак, мабільным відэа і фота), «АйЦіМір» (работа з тэкстам і дадаткамі), «Артстудыя» (розныя віды дэкаратыўнапрыкладной творчасці), «Хімія вакол нас», «Музейная культура», «Свет камп’ютарнай графікі», «Юны мастак», «Дзіцячае ручное ткацтва».
7 верасня ў РЦДіМ у рамках тыдня дадатковай адукацыі адбудзецца свята адкрытых дзвярэй, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць наведаць творчыя майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі. Будзе арганізавана экскурсія па абноўленым пасля рамонту будынку.
Ларыса КІСЯЛЁВА
Валанцёры з добрымі сэрцамі
У нядзелю ў Лескавічах закончыў работу раённы валанцёрскі аздараўленчы лагер «Добрае сэрца», які быў арганізаваны Шумілінскім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі і сабраў дваццаць пяць дзяўчат і хлопцаў ад 10 да 17 год не толькі адпачыць, але і зрабіць шмат добрых і карысных спраў.
Дзевяць дзен лагернай змены былі насычаныя самымі разнастайнымі мерапрыемствамі. Гэта былі працоўныя дэсанты «Дарогамі дабрыні», спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, практычныя заняткі, падарожжы і адукацыйныя экскурсіі ў Мінск, Віцебск, Полацк, Шуміліна, Обаль, душэўныя вечары каля кастра з цікавымі людзьмі.
Падчас лагернай змены прайшлі дыялогавыя пляцоўкі ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху» – сустрэчы дзяцей з прадстаўнікамі розных прафесій: намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх, першым сакратаром РК ГА БРСМ, старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў, галоўным рэдактарам газеты «Герой працы».
Гэтыя дзевяць дзён абавязкова запомняцца дзяўчатам і хлопцам.
Слова – адпачываючым
Алена Кузаўкова: Лагер мне вельмі спадабаўся. Шкада, што толькі 9 дзен ён доўжыўся. Мы з задавальненнем займаліся добраўпарадкаваннем і ўборкай воінскіх пахаванняў. Прыбралі воінскія могілкі ў Мікалаеве, Лескавічах, Заронаве.
Аліна Пучкова: У лагеры я знайшла сабе новых цудоўных сяброў, з якімі буду працягваць кантактаваць.
Ангеліна Гаева: Цяжка вызначыць самыя цікавыя мерапрыемствы. Для мяне асабіста самымі-самымі сталі квэст-гульня і экскурсія ў гадавальнік для сабак.
Валерыя Мясаедава: Нашы важатыя былі самымі добрымі і класнымі. Нам з імі было цікава. Яны нам сумаваць не давалі.
Кацярына Шаферава: А як нас кармілі! Мне асабліва даспадобы былі курынае філе пад сырам, суп гарохавы, пюрэ. Адным словам, як дома і нават лепш!
Слова – начальніку лагера Маргарыце Сілкінай: Вельмі хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто супрацоўнічаў з намі: райвыканкаму, раённай камісіі па справах непаўналетніх, раённым арганізацыям РГА «Таварыства ратавання на водах», «Беларускі саюз ваенных маракоў», «Беларускі фонд міру», «Беларускі Чырвоны Крыж», БРСМ, «Пагранічнікам Шуміліна», Дэсантнаму Шумілінскаму Братэрству», раённаму аб’яднанню прафсаюзаў, рэдакцыі газеты «Герой працы», Шумілінскаму лясгасу, райаддзелу па надзвычайных сітуацыях, РАУС.
Мы вельмі стараліся, каб валанцёрскі лагер стаў для хлопцаў і дзяўчат магчымасцю для творчага развіцця, узбагачэння духоўнага свету, інтэлекту. Каб дзеці атрымлівалі радасць ад узаемін, вучыліся сябраваць і дапамагаць. Адным словам, каб былі з добрымі сэрцамі. Мы пастараліся насыціць адпачынак мерапрыемствамі, накіраванымі ў першую чаргу на патрыятычнае і працоўнае выхаванне дзяцей.
Алена КАРПУШЭНКА.
|
 |